ПАРК КУЛЬТУ́РЫ І АДПАЧЫ́НКУ,
від парку ў населеным месцы, прызначаны для правядзення масавых культ.-асв., фізкультурна-аздараўленчых, спарт., забаўляльных і інш. мерапрыемстваў, для адпачынку насельніцтва. Уваходзіць у сістэму азелянення нас. месцаў і ствараецца з улікам патрабаванняў зялёнага будаўніцтва.
Пры стварэнні такіх паркаў выкарыстоўваюць паркавыя масівы, у т. л. каштоўныя старадаўнія паркі, улічваюць іх наведвальнасць і ўмяшчальнасць, памеры і прызначэнне збудаванняў на іх, вылучаюць сектары культ.-асв. работы, спарт.-фізкультурных мерапрыемстваў, відовішчна-масавы, дзіцячы, ціхага адпачынку, адм.-гаспадарчы. Арганізуюць пры парках танц. і спарт. школы, тэатр. і муз. калектывы, праводзяць канцэрты, конкурсы, дыскатэкі, гульні, атракцыёны, нар. гулянні і інш. Для абслугоўвання наведвальнікаў ствараецца сетка пунктаў інфармацыі, харчавання, зацішкаў ад непагадзі. Зялёныя насаджэнні звычайна займаюць 70—75% плошчы парку.
На Беларусі першыя такія паркі арганізаваны ў 1930-я г. ў Рэчыцы, Слуцку, Оршы, найб. па плошчы паркі ў Мінску, абл. гарадах, а таксама ў Светлагорску, Кобрыне, Наваполацку, Калінкавічах, Бабруйску, Маладзечне, Баранавічах і інш.
Т.П.Вадап’янава.
т. 12, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)